Уступ да паэмы

1

Скінь, мой дружа,пыху з сэрца,
Скінь, вазьмі паслухай,
Што хачу тут расказаці
Думкай-маладухай.

Так, па-простаму, па-свойску -
Не магу іначай -
Стану баіць, гаманіці
Аб жыцці лядачым.

Сэрца сэрцам закалыша,
У душу загляне, -
Клок жыцця людскога возьме
І варочаць стане.

Хоць жа высмееш мо' слова,
Злосці кінеш грудай, -
Хай па-твойму будзе, дружа, -
Жалю мець не буду.

Вось, калісьці, як узваліш
Лет на плечы многа
Ўспомніш гэту казку-праўду
І ўздыхнеш з трывогай.

Курганоў-магіл без ліку
Накапаюць людзі, -
Ўсё схаваюць - шчасце,волю, -
Праўда жыці будзе.

2

Там, дзе Нёман віці гоне,
Дзе Вілля лялее,
Там, дзе песня аб Дунаю
Век плыве, як вея, -

Ў гэтым краі, ў Беларусі,
Чаго ты не ўбачыш!
Ажна сэрца затрасецца
І душа заплача.

Ці то пушча, ці то поле
Ці гасцінец біты, -
Ўсё аплакана людзямі.
Ўсё слязьмі абмыта.

На свет вывесці ўсё чыста,
Свету апісаці,-
З сэрца мусіш мець паперу,
Ў кроў пяро мачаці.

Сумаваці мусіш гэтак,
Як сумуюць хмары,
І зіхцець, як зіхацяцца
Сонцавы пажары.

Як твой воблік запануе
Зорна і крывава, -
Мо' тады калі што выйдзе,
Мо' дакажам славы.


Курган


I

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, —
Ўдзірванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю, —
Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.

II

На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.

У нагах у яго рассцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.

Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў — біў паклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.

Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй;
Стражы князевы — ў полі і дома,
Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей,
I пракляцце расло пакрыёма.

III

Раз бяседа вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі;
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэкай гучнай бяседы не помніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў, саетаў!..

День, другі ўжо грымела у князя гульня,
I музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі — ўсяго госці мелі.

Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.

IV

Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.

Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй, —
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакары, чарэсні;

Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;
Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.

Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня вечнага «піць» не заводзіць;
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V

Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты;
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната.

Невыдумная світка — убор на плячах,
Барада, як снег белы — такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.

Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б'ецца ад струн па сцюдзёных сцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.

Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
I сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед,
I чакае ад князя прыказу.

VI

— Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, —
Князь умее плаціць незвычайна!

Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —
Поўны гуслі насыплю дукатаў;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату;

Знаеш славу маю, знаеш сілу маю...
— Многа знаю і чуў аб табе я, —
I я сам, як і ты, так табе запяю...
— Ну, пара пачынаць, дабрадзею! —

Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр,
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар,
I заплакалі струны жывыя.

VII

«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел-свет,
Не такую задумаў ты думу, —
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п'яныя шумы.

Скурганіў бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —
Не скуеш толькі дум ланцугамі.

Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б'е ад сцен-цэгел лёдам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
I душу — як скляпоў гэтых сховы.

VIII

Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткі свае:
Сарачні там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?

Глянь у лёхі свае, ў падзямеллі глянь, князь,
Што настроіў пад хорамам гэтым:
Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь,
Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.

Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць...
Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людская блішчыць,
Кроў, якой і твая моц не змажа.

Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк —
Гэта цёртая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў развіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы.

IX

Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, —
Гэта косці бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —
Гэта слёзы нядолі сірочай.

Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфованы цэгла і камень, —
Гэта — памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта — сэрцаў скамененых пламень.

Люба чуці табе скочнай музыкі звон:
Ты, дружына п'яцё асалоду, —
А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
Стогн пракляцця табе, твайму роду?!

Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!
Госці хмурны, а дворня знямела...
Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!
Выбачай, калі спеў мо няўмела».

X

Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч;
Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў...
Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч,
Толькі з лёскатам выбегла рэха.

— Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
На вяселле цябе сваёй княжны!..
Ты шалёны, стары! хто цябе дзе хаваў?
Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай.

Ты адважыўся мне на сляпы перакор
Вызваняці сусветныя трэлі;
Платы маю шмат я для такіх непакор,
Хто сябе проці мне стаць асмеліў.

Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю!
Ты не хочаш дукатаў — не трэба!..
Ўзяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!

XI

Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка,
Гуслі разам яго самагуды;
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, паняслі на загубу.

Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.

Не часалі дамоўкі яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гуслі і ён з тон пары — да пары;
Сум і сціша залеглі, як ночай.

Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсё княжны гулялі.

XII

Пацяклі, паплылі за гадамі гады...
На гусляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.

Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет,
Зацвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед
З кургана, як снег, белы выходзе.

Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць.
Жменяй водзіць па іх абамлелай,
I ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,
I на месяц глядзіць, як сам, белы.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора...
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой...
Курганы шмат чаго нам гавораць.
1910

© kurgan-rok-opera